Слова на пачатак
Ці ведаеце вы, што чытаюць гномы? Ці ходзяць яны ў бібліятэку, ці падабаецца ім сядзець у чытальні, ці больш па сэрцы корпацца ў букіністычных развалах? Як і людзі, вроцлаўскія красналюдкі надзвычай розныя – худыя, працавітыя, гультаяватыя, пражэрлівыя, вясёлыя, добрыя ці нават задзірлівыя шкоднікі – хай пацвердзіць той, хто хоць раз уначы спатыкнуўся аб невялічкую фігурку. Аднак аб’ядноўвае іх тое, што яны заўжды апавядаюць гісторыю горада ва ўсёй яго разнастайнасці. Дык давайце паспрабуем распытаць іх пра літаратуру і літаратурныя сцежкі Вроцлава.