З ЛІТАРАТУРЫ РЭНЕСАНСУ Ян Каханоўскі (1530–1584)
Ян Каханоўскі (Jan Kochanowski) лічыцца ў Польшчы самым знакамітым паэтам з тых, што прыйшлі ў літаратуру да Адама Міцкевіча. Разам з тым, пра яго жыццё вядома не так шмат: гэтыя звесткі рассыпаныя па розных канцылярскіх дакументах, літаратурных творах і выпадковых пісьмовых згадках. Паводле таго, што нам вядома сёння, Ян Каханоўскі нарадзіўся ў 1530 г. у Сыцыне, непадалёк ад Зволеня (у Мазовіі, непадалёк ад Пулаваў і Казімежа Дольнага), а памёр у 1584 г. ад сардэчнага прыступу ў Любліне. Паходзіў са шляхецкай сям’і сярэдняй заможнасці. Каханоўскі жыў у эпоху Адраджэння, быў вядомым паэтам, драматургам і перакладчыкам. Атрымаў адукацыю ў Кракаўскай акадэміі, у Падуі і Караляўцы (Кёнігсбергу): з гэтага відаць, што яго жыццёвыя дарогі моцна звязаны з мясцінамі, вядомымі нам з біяграфіі Францішка Скарыны. Ян Каханоўскі валодаў багатымі ведамі пра старажытную літаратуру, асабліва грэцкую, і гісторыю. Быў сакратаром пры двары караля Жыгімонта Аўгуста. Сур’ёзна цікавіўся палітыкай: сярод іншага, Каханоўскі суправаджаў караля падчас падпісання Акта Люблінскай уніі (1569 г.). Быў пасвечаны ў духоўны сан і стаў парафіяльным святаром, аднак пазней адмовіўся ад гэтага сану і ўзяў шлюб з Даротай Падлядоўскай, з якой пасяліўся ў Чарналессі. Сямейнае шчасце было парушана смерцю іх дачок: Уршулі і Ганны. Гэтая жыццёвая трагедыя дала штуршок напісанню яго знакамітых «Трэнаў» (1580). Ян Каханоўскі напісаў больш за 300 фрашак, у якіх апісвае тэмы з штодзённага жыцця звычайных людзей. Стварыў таксама польскую версію псальмаў («Псалтыр Давідаў», 1579). Напісаў першую польскую драму «Адмова грэцкім пасланцам» (1578). Творы Яна з Чарналесся ўзбагацілі польскае пісьменства новымі літаратурнымі жанрамі, што спрыяла станаўленню літаратурнай польскай мовы. Паэзія Яна Каханоўскага яшчэ пры жыцці пісьменніка была вядомай у Вялікім княстве Літоўскім. Гімн «Чаго хочаш ад нас, Пане…» (1563), быў надрукаваны ў Нясвіжскай друкарні. Жыццёвыя рэаліі ўзноўлены пісьменнікам у творы «Узяцце Полацка» (1580), а таксама ў вершах, прысвечаных вялікалітоўскім магнатам Мікалаю Радзівілу«Чорнаму», яго жонцы Эльжбеце, Крыштафу Радзівілу-«Перуну». 26